АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

Вялікае Арэхаўскае, у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Аршыца, за 20 км на Поўнач ад Оршы. Плошча 2,11 км², даўжыня 3,93 км, найбольшая шырыня 1,08 км, найбольшая глыбіня 3,4 м, даўжыня берагавой лініі 10,8 км. Плошча вадазбору 33,4 км².

Схілы вышынёй 2—5 м, пад лесам, на Паўночным Захадзе вышынёй да 10—15 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком, на Усходзе і Паўночным Усходзе высокія, стромкія. Востраў плошчай 2,4 га. Берагавая водмель пясчаная, дно выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. Упадае рака Чорная, выцякае рака Аршыца. Возера — вадаём-ахаладжальнік БелДРЭС.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)